СЛЯПЯ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма вадасховішчаў, каналаў і інш. гідратэхн. збудаванняў ва ўсх. частцы Мінска; уваходзіць у склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1977—83. Уключае вадасх. Дразды, сістэму вадаводаў, Цнянскае вадасховішча, закрыты калектар і канал на водападзеле рэк Цна і Слепня, пераўтворанае рэчышча р. Слепня з сістэмай вадаёмаў. Чыжоўскае вадасховішча. Вада з вадасх. Дразды па напорным трубаправодзе пампуецца ў наліўное Цнянскае вадасх., адкуль па сістэме каналаў і вадаёмаў і былым рэчышчы р. Слепня самацёкам паступае ў Чыжоўскае вадасховішча. Агульная даўж. сістэмы 26 км. Створаны 13 вадаёмаў (пл. ад 0,2 да 6,4 га, глыб. 0,8—2 м). Прапускная здольнасць сістэмы 1,5 м³/с. Аб’ём гадавога сцёку каля 8 млн. м³. С.в.с. выкарыстоўваецца для водазабеспячэння прамысл. прадпрыемстваў, камунальнай гаспадаркі і воднага добраўпарадкавання ўсх. ч. Мінска. Уздоўж сістэмы зялёныя масівы агульнага карыстання, што паляпшае мікраклімат прылеглых тэрыторый, стварае спрыяльныя рэкрэацыйныя ўмовы для мясц. жыхароў (гл. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо).

А.​А.​Макарэвіч.

Сляпянская водная сістэма. ў мікрараёне Усход 1.

т. 15, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)